Гэта першы і пакуль адзіны ў Беларусі прыватны лялечны тэатр «Правінцыя» нарэшце завітаў у Мінск з пастаноўкай Алега Жугжды паводле навелы Франца Кафкі.
Тэатр праводзіць ужо трэці сезон, за гэты час ён стаў досыць вядомы за межамі Беларусі, бо пастаянна гастралюе па Расіі, Польшчы, Літве і краінах Еўропы.
«У Беларусі Кафку не ставілі не толькі лялечнікі, але і драматычныя тэатры», — адзначае дырэктар тэатра Дзмітрый Гайдэль. У спектаклі задзейнічаныя Віталь Лявонаў (Грэгар), які таксама напісаў музыку да гэтага спектакля, Наталля Дацэнка (Грэта), Ларыса Мікуліч (маці), Дзмітрый Гайдэль (бацька).
Няма сэнсу пераказваць сюжэт вядомага твора, дастаткова сказаць, што ў спектаклі перададзеныя яго асноўныя перыпетыі. У прынцыпе, усё можна звесці да вядомай тэзы, што ад кахання да нянавісці — адзін крок.
Камернасць формы прадугледжвае моцнае набліжэнне гледача да таго, што адбываецца на сцэне, адпаведна, глыбокае асабістае перажыванне.
Удала абыграныя метамарфозы сноў Грэгара, якія дадаюць трагічнасці аповеду: у сне ў пачатку гісторыі ён цягнецца да жанчыны з яблыкам у руцэ, потым (ужо ў выглядзе насякомага) — да яблыка ў жанчыны у руцэ, а ў канцы жанчына ператвараецца ў Смерць, якая прымае яго ў свае абдымкі.
Дзеянне — бесперапыннае і пазачасавае — навеянае меланхалічнымі гукамі кропляў, што падаюць аднекуль зверху і трапляюць у лужыну, вакол якой і адбываюцца ўсе падзеі спектакля. Амаль што ўвесь спектакль пабудаваны на паўторы імені галоўнага героя (як «ку» ў Данэліі ў «Кін-дза-дза» азначае ўсе астатнія словы), так і «Грэгар”», што прамаўляецца з рознымі інтанацыямі.
Асобна трэба сказаць пра лялькі-марыянеткі, створаныя майстрам сваёй справы Валерыем Рачкоўскім: яны такія кранальныя і «жывыя». Узяць, да прыкладу, тройцу габрэяў, якія прыйшлі да Замзаў на пастой. Вельмі цікавая вынаходка — лялька, якая ўвасабляе сабой персанаж Грэты (сястры Грэгара), раскладваецца напалову, і на ёй, як на музычным інструменце, граюць пастаяльцы.
«Лялькі ажываюць, калі ідзе спектакль, калі яны знаходзяцца ў руках майстра», — лічыць лялькавод Ларыса Мікуліч. Будзем чакаць наступнага ажыўлення.
Зарына Кандрацьева
Крынiца: "Будзма разам!"
0 каменты:
Отправить комментарий